ЛЕ ДУ ((Le Doux) Франсуа Габрыэль) (1755?, Парыж — 2.2.1823),

танцоўшчык, балетмайстар, педагог. Паводле паходжання француз. Паслядоўнік Ж.Ж.Навера. З 1770 саліст т-ра «Каралеўская акадэмія музыкі і танца» («Гранд-Апера») у Парыжы. У 1782—85 па запрашэнні падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза працаваў балетмайстрам у яго прыдворным т-ры ў Гродне, выкладаў у балетнай школе ў Паставах (у 1784 паставіў уласны «Балет вод, або Купель Дыяны»). Пасля смерці Тызенгаўза па загадзе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага сфарміраваў і ўзначальваў балетную трупу «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» (дэбютавала 24.9.1785 яго балетам «Гілас і Сільвія», падрыхтаваным у Пастаўскай балетнай школе; працавала да 1794). Аснову трупы складалі прыгонныя артысты Гродзенскага балета, у т.л. яго вучні М.Рымінскі, Е.Валінскі, Д.Сітанская, М.Малінская, Р.Лаўцэвіч. У 1785—89 паставіў больш за 30 балетаў, у т.л. на ўласныя лібрэта («Ванда, каралева Польская» і інш.). У 1800 арганізаваў у Варшаве балетную школу, у 1805—07 узначальваў балетную трупу Нац. т-ра В.Багуслаўскага, у 1817 адкрыў прыватную школу салонных танцаў.

Г.І.Барышаў.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)